1. Skip to Menu
  2. Skip to Content
  3. Skip to Footer

Адвакацкі турыстычны фэст: свята здаровага ладу жыцця і яднання

 

Каманда Мінскай абласной калегіі адвакатаў 17-19 жніўня 2018 года прымала ўдзел у адвакацкім турыстычным фэсце, які быў арганізаваны саветам Брэсцкай абластной калегіі адвакатаў на вучэбна-спартыўнай базе “Дынама”, размешчанай на беразе самага прыгожага возера Брэсцкага района – Сяляхі. Акрамя нашых спартоўцаў удзельнічалі таксама адвакаты Брэсцкай абласной  і Мінскай гарадской калегій адвакатаў.

 Прыгожае возера ў любы час сутак, чыстае паветра, выдатнае надвор’е і цудоўныя людзі вакол зрабілі гэтыя тры дні незабыўнымі для кожнага, хто там пабываў! Асаблівы каларыт мерапрыемству надаваў палатачны гарадок пад яблынямі і ежа, прыгатаваная на вогнішчы па мясцовых рэцэптах. Арганізатарамі была прапанавана насычаная і цікавая праграма спаборніцтваў і конкурсаў. Усё пачалося з валейбола, а скончылася дыскатэкай з караоке пад раніцу. Але аб усім па парадку.

У валейбол наша каманда гуляла з веданнем справы і стараннасцю, асабліва сваім майстэрствам гледачоў уразіла Ірына Вішнякова, якая змагла адбіць вельмі складаны ўдар адваката гарадской калегіі, пасля чаго наша каманда стала гуляць значна мацней. Далей было спартыўнае мужчынскае і жаночае мнагабор’е, і тут свае найлепшыя якасці прадэманстравалі знакаміты лыжнік Аляксей Сакалоў і малады адвакат Кацярына Бурак, якая, дарэчы, была прызнана найлепшай спартоўкай турніру. Пасля была пулявая стральба. Нашу каманду прадстаўлялі прафесіяналы сваёй справы: Віктар Чайчыц і прыгажуня-адвакат Зарына Залеўская. Потым была дуэльная стральба, якая вельмі спадабалася гледачам сваёй арыгінальнасцю.

Вельмі ўразіў балельшчыкаў па-сапраўднаму мужчынскі гіравы спорт. За нас выступаў адвакат-асілак Павел Гіль, які падняў гіру вагай 16 кг аж 150 разоў. Потым усе перайшлі на бераг возера, дзе праходзіла водная эстафета. Спачатку на лодцы, за весламі якой быў наш галоўны бухгалтар Сяргей Грыхно, які так выдатна прайшоў дыстанцыю з двума пасажырамі на борце, што суддзі разгубіліся ў вызначэнні часу… Працягнулі эстафету на катамаране Марыя Каржэвіч, Дзмітрый Аўчынка і Уладзімір Ангельскі, якія павесялілі гледачоў сваім арыгінальным спосабам пераадольвання воднай адлегласці (аб гэтым не напішаш, гэта проста трэба было бачыць…).

Але самым складаным спаборніцтвам была тэхніка пешага турызму. І тут трэба назваць усіх без выключэння чатырох членаў нашай каманды, бо гэта адвакаты-героі: Аляксей Сакалоў, Кацярына Бурак, Таццяна Курадавец і  Ігар Шыраеў. Літаральна рызыкуючы жыццём, яны здолелі пераправіцца праз умоўныя прорвы і водныя перашкоды, прайсці праз мудрагелістую навясную пераправу “матылек” з перакрыжаванымі вяроўкамі, не зваліліся ў імпразаванае балота!

Быў яшчэ дартс, у якім нашы ўдзельнікі паспаборнічалі ў трапнасці кідання дроцікаў. А вось у каманднай эстафеце нашым адвакатам не было роўных, арганізаванасць і ўзаемадапамога дазволілі ім перамагчы ў гэтым відзе спаборніцтваў. Трэба сказаць, што эстафета ў нейкі адрэзак часу амаль не перайшла ў калектыўны бокс, які ў праграме заяўлены не быў… Так напрыканцы накаліліся страсці і эмоцыі паміж камандамі!!!

Асабліва цікава было ўдзельнічаць у квэсце “Selyahi-night”. Тут трэба было і падумаць, і пабегаць, і пашукаць іголку ў стозе сене, і цвікі пазабіваць у калодку, і ў “Кракадзіла” пагуляць. Карацей кажучы, квэст вымагаў ад удзельнікаў розных уменняў і талентаў, і наша каманда ўсе гэта прадэманстравала.

Але на гэтым конкурсная праграма не скончылася, паколькі яшчэ была жартаўлівая песня на юрыдычную тэматыку. І наша выступленне, як кажуць у народзе, аказалася бомбай. Гэта ўсе дзякуючы Наталлі Хоміч, якая “замучыла” не толькі каманду сваімі бясконцымі рэпетыцыямі, але і саму сябе, паколькі ў канцы дня гаварыць не магла, толькі паказвала…

Асобна трэба адзначыць нашага мудрага капітана каманды Смірнову Ірыну Міхайлаўну, якая дапамагала як словам, так і справай кожнаму спартоўцу здабыць перад стартам адпаведны ваяўнічы настрой, а таксама пільна сачыла за аб’ектыўнасцю суддзяў і ў неабходных выпадках эмацыянальна заяўляла пратэсты. Акрамя гэтага наш старшыня праявіла сябе крэатыўным дызайнерам, бо прыдуманая ёю спартыўная форма, у якой выступалі нашы адвакаты, стала прадметам сапраўднай зайздрасці другіх удзельнікаў фэсту дзякуючы сваей стыльнасці. Вызначылася наша каманда і сваёй прыкметнай атрыбутыкай, а таксама рачоўкай, складзенай нашым старшыней на роднай мове і гучна выкананай адвакатамі на урачыстым адкрыцці мерапрыемства.

Нельга пакінуць без увагі нашых балельшчыкаў, якія да канца былі з кожным спартоўцам і ў любую хвілінку гатовы былі іх замяніць на дыстанцыі. Дзякуючы ім і беглася, і плылося, і думалася нашмат хутчэй. Карацей кажучы, свята здаровага ладу жыцця, добрых узаемаадносін і падтрымкі ўдалося на ўсе 100%.

Выраказваем вялікую падзяку нашым брэсцкім калегам за выдатную арганізацыю мерапрыемства, магчымасць праявіць свае спартыўныя і інтэлектуальныя здольнасці, атрымаць незабыўныя эмоцыі і проста адпачыць.

Удзельнік турыстычнага фэсту адвакат Уладзімір Ангельскі

 

Официальный интернет-портал Президента Республики Беларусь

Национальный правовой интернет-портал Республики Беларусь

Интернет-портал Совета Министров Республики Беларусь

Официальный сайт Министерства Юстиции Республики Беларусь